Национальная школа красоты
Национальная школа красоты
  • English
  • Russian
  • Першыя крокі да мары. Пасвячэнне ў мадэлі самых юных выхаванцаў Нацыянальнай школы прыгажосці

    26 Красавіка 2018

    У кожнага з нас у дзяцінстве была мара. Нехта хацеў стаць вялікім вучоным, нехта прадаўцом цукерак, а нехта строіў планы паляцець у космас. Дзеці з Нацыянальнай школы прыгажосці мараць пра прафесію мадэлі. Першыя крокі да запаветнай мэты яны зрабілі ўжо ў гэту суботу.

    Да будынка на вуліцы Мельнікайтэ бягуць усхваляваныя бацькі, бабулі і дзядулі. У руках – букеты кветак і мяккія цацкі. Сёння яны, зрэшты, як і заўжды, – у ролі самых адданых паклоннікаў. Іх любімае дзіця ўпершыню прадэфіліруе па подыуме!

    За кулісамі юныя вучні тэатра моды «Krasavik» нешта бурна абмяркоўваюць: «Падыходзім да фатографаў і паварочваемся на лік чатыры». Самым маленькім з іх 3 гады, самым старэйшым – 12 гадоў, а ўжо як адказна падыходзяць да справы! Трэба паказаць усё, чаму яны навучыліся за месяц рэпетыцый: гэта майстэрства дэфіле, асновы фотапазіравання, акцёрскага майстэрства, стылю, псіхалогіі і этыкету…

    Над подыумам загараюцца сафіты, і пачынаецца паказ! Вучні тэатра моды, як самыя сапраўдныя мадэлі, паўсталі перад гледачамі у розных вобразах і стылях (Барбі, гранж, дзелавы, кэжуал, джынсавы, вячэрні стыль).

    З захапленнем была ўспрынята калекцыя дзіцячага і падлеткавага адзення, галаўных убораў і аксесуараў «Rain» аўтара Антаніны Сурыновіч. Яна выканана ў змешаным стылі, з выкарыстаннем такіх дэкаратыўных прыёмаў як жывапіс па тканіне, які імітуе дзіцячыя малюнкі на асфальце з эфектам размытасці ад дажджу.

    Нікога не пакінула абыякавым прадстаўленая на свяце калекцыя дызайнера Кацярыны Федзюковіч. Дзяўчына з ранняга дзяцінства захапілася вышываннем і ўручную майстравала ўборы. Пасля таго як ёй падарылі швейную машынку, яна ўсёр’ёз прынялася за стварэнне адзення для дзяцей. Зараз мадэльеру 11 гадоў. На подыуме Нацыянальнай школы прыгажосці яна паказала калекцыю пад назвай «Амур».

    Пастаноўкай дэфіле займалася Васіліса Рымжа, кіраўнік дзіцячага тэатра моды «Krasavik», пераможніца конкурсу «Міс Мінск-2007», паўфіналістка конкурсу «Міс Беларусь-2008». На працягу ўсяго мерапрыемства яна за кулісамі падтрымлівала сваіх вучняў.

    Таксама ў праграме былі майстар-класы ад дзяцей-мадэляў старэйшых гадоў навучання, экскурсы ў гісторыю моды, вясёлыя конкурсы. Павучыцца паходцы ад бядра і пазіраванню змаглі ўсе жадаюцыя.

    Пасля пасвячэння адбылося афтапаці з дыскатэкай і салодкім сталом. Так, у такім юным узросце мадэлі могуць дазволіць сабе торцік.

    Кожны з удзельнікаў моднага шоу атрымаў майкі з фірменным лагатыпам Нацыянальнай школы прыгажосці, як знак таго, што з гэтага моманту ён стаў часткай вялікай fashion-каманды. І вядома, гучныя авацыі гледачоў.

    «Мама, я таксама хачу быць мадэллю, як Воля!» – чуем незнарок побач голас аднаго з юных гасцей. Вось так нарадзілася яшчэ адна дзіцячая мара, якая абавязкова ажыццявіцца.

    Фота: Аляксей Іванчанка, Канстанцін Даль
    Тэкст: Дарына Міхалевіч
    Прэс-служба Нацыянальнай школы прыгажосці